Школьная
Энциклопедия
Русские сочинения
Белорусские сочинения
Блог

Сачыненні па творам, аналізы вершаў, водгукі, біяграфіі, вобразы па аўтару Якуб Колас

Якуб Колас | Біяграфія пісьменніка

Асаблівасці творчасці Якуба Коласа

   Творчасць Якуба Коласа — гэта цэлы свет, свет дзівосны, багаты і непаўторны, у якім месціцца родная зямля, яе народ, яго жыццё і гісторыя. Багатая і разнастайная спадчына песняра ўвасобіла хараство і прыгажосць народнай фантазіі, глыбіню і мудрасць, узвышанасць мар і імкненняў адвечнага працаўніка.

Дзе і калі нарадзіўся Якуб Колас

   Нарадзіўся Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы (недалёка ад горада Стоўбцы). З маленства ён разам з бацькамі пераязджае з адной леснічоўкі ў другую (Ласток, Альбуць), мяняючы абжытую глухамань на неабжытую. Жыццё ў маляўнічым Панямонні абудзіла ў Кастуся раннюю любоў да беларускай прыроды, роднай зямлі, якой прасякнуты амаль усе творы пісьменніка. Вучыўся Я. Колас спачатку ў вандроўнага настаўніка (дарэктара), потым у народнай школе вёскі Мікалаеўшчына. З 1898 па 1902 г. вучыцца ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, пасля заканчэння якой працуе ў школах Палесся і Міншчыны. За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе Коласа звальняюць з пасады настаўніка, а пазней асуджаюць на тры гады турэмнага зняволення (1908— 1911). Пасля вызвалення з турмы ён настаўнічае на Піншчыне. У 1915 г. быў мабілізаваны ў армію. Скончыўшы Аляксандраўскае ваеннае вучылішча, служыць у запасным палку горада Пермі, адкуль трапляе на Румынскі фронт. Там Я. Колас захварэў і неўзабаве быў эвакуіраваны ў горад Абаянь Курскай губерні, дзе і сустрэў кастрычніцкія падзеі 1917 г.

Рэвалюцыйнае жыццё

   Песню Я. Коласа абудзіла да жыцця рэвалюцыя 1905 г., якая ўскалыхнула да самых глыбінь бязмежныя масы, узнёсшы на грэбені хваль і сына беларускага народа. Я. Колас, як і Я. Купала, выступае ад імя працоўных мас у якасці абаронцы і выразніка іх імкненняў, ідэалаў.

Дарэвалюцыйная творчасць Якуба Коласа

   Дарэвалюцыйная творчасць Я. Коласа — гэта прадаўжэнне дэмакратычных традыцый беларускай літаратуры мінулай эпохі. Падобна Ф. Багушэвічу, Я. Колас маляваў змрочную, прасякнутую сумам і жальбой кар- ціну жыцця зняважанага і зняволенага мужыка. У яго першым вершы «Наш родны край», надрукаваным у 1906 г., і ў пазнейшых творах «Вёска», «Наша сяло», «Ворагам» створана праўдзівая карціна старой жабрацкай Беларусі. Паэт заклікае бедны народ не гнуцца перад багатымі, не спадзявг а на іх дапамогу, а самому быць кавалём уласнага шчасця. У вершы-закліку «Ворагам» сялянскі бунтар заклікае да расправы над прыгнятальнікамі, якіх чакае грозны, але справядлівы суд:

Багачы і панства,
Нашы «дабрадзеі»!
Мы на суд вас клічам,
Каты вы, зладзеі!

Вобраз галоўнага героя ў творах Коласа. Аналіз верша "Мужык"

   Галоўным героем дарэвалюцыйнай паэзіі Я. Коласа з’яўляецца чалавек працы, вольналюбівы «мужык», які не хоча мірыцца з існуючым ладам, не хоча больш цярпець і пакарацца. Ён хоча карыстацца плёнам сваёй працы, хоча жыць па-чалавечы. У вершы «Мужык», напісаным у турме, Колас не толькі расказвае пра цяжкае жыццё беларуса-працаўніка, але і заклікае яго да барацьбы за лепшую долю: Я — мужык, а гонар маю, Гнуся, але да пары. Я маўчу, маўчу, трываю Але скора загукаю: «Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»