Школьная
Энциклопедия
Русские сочинения
Белорусские сочинения
Блог
Сачыненне на тэму

Сачыненне і аналіз паэмы Канстанціна Вераніцына "Тарас на Парнасе"

Па твору пісьменніка Вераніцын К. В.
01-02-2020

Беларуская літаратура ў 19 стагоддзі

   Беларуская літаратура XIX ст. пачыналася бурлескнымі (жартоўнымі) творамі, якія былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рускай і польскай літаратуры (у беларускай літаратуры класіцызм як напрамак наогул не склаўся). Бурлескныя творы былі накіраваны супраць аджыўшых традыцый (правіл і густаў класіцыстаў) з мэтай пасмяшыць людзей, звярнуць увагу на простага чалавека з яго надзённымі праблемамі. Такія творы, напісаныя простай, падчас грубай мовай, заставаліся ў многім рукапіснымі і ананімнымі. Пад уплывам парадыйных бурлескных твораў з’яўляецца паэма «Тарас на Парнасе».

Аналіз твору Вераніцына "Тарас на Парнасе"

«Тарас на Парнасе» — паэма, якая стаяла ля вытокаў новай беларускай літаратуры, закладвала яе
падмурак і была першай з цаглін у гэтым напрамку.
М. Лазарук

   Паэма «Тарас на Парнасе» напісана ў сярэдзіне XIX ст. Аўтарства яе прыпісвалася В. Равінскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытута. Г. Кісялёў лічыць, што паэму напісаў Канстанцін Вераніцын, які нарадзіўся на Віцебшчыне. Гэтай думкі сёння прытрымліваюцца большасць даследчыкаў. Але хто б ні быў аўтарам паэмы, адно несумненна, што гэты чалавек добра ведаў літаратуру і тыя працэсы, якія праходзілі ў ёй, добра ведаў жыццё селяніна, яго характар і душэўны склад. Паэма з’яўляецца глыбока нацыянальным творам. Невыпадкова Г. Кісялёў назваў яе «першай літаратурнай любоўю Беларусі». Вобраз палясоўшчыка Тараса ў паэме «Тарас на Парнасе»

Вобраз Тараса ў паэме "Тарас на Парнасе"

   Галоўны герой паэмы — палясоўшчык Тарас. Гэта чалавек дасціпны, кемлівы, сумленны ў адносінах да сваёй працы. Ён па-свойму, крыху смешна, успрымае жыццё і тлумачыць яго на свой сялянска-практычны лад.

Сутрэча Тараса з пісьменнікамі

   Аднойчы, стомлены нялёгкай працай, Тарас прысеў адпачыць і заснуў. У сне з ім здараюцца неверагодныя прыгоды: уцякаючы ад мядзведзя, Тарас трапляе ў яму і аказваецца на тым свеце пры дарозе, што вяла на гару Парнас. Герой паэмы, падымаючыся на гару, сустракаецца як з вядомымі пісьменнікамі Пушкіным, Лермантавым, Жукоўскім, Гогалем, так і з рэакцыянерамі Булгарыным, Грэчам. На Парнасе Тарас трапляе ў панскі двор, месца жыхарства багоў.

Вобразы багоў у творы "Тарас на Парнасе"

   Багі, адкрывае для сябе Тарас, жывуць так, як звычайныя сяляне, падобныя да іх. Так, Венера нагадвае сялянскую дзяўчыну. Яна «чырвона, тоўста, круглаліца», што адпавядае сялянскаму ідэалу жаночай прыгажосці. Праўда, не зусім падабаецца яна Тарасу, бо ўвесь час круціцца перад люстэркам, дбаючы толькі пра сваю прыгажосць. Не даспадобы палясоўшчыку схільны да п’янства Бахус, уладалюбівы Зеўс разбэшчаны Амур. I толькі да Гебы, якая вядзе ўсю гаспадарку, Тарас ставіцца з сімпатыяй і спачуваннем.

   З багамі Тарас трымае сябе ўпэўнена, з пачуццём уласнай годнасці. Яму ўласцівы народны гумар, уменне адчуваць прыгожае і захапляцца ім. Сваім танцам герой паэмы зачараваў багоў:

Як стаў прыстуківаць атопкам, Аж
рот разявілі багі: То ён прысвісне,
то прытопне, То шпарка пойдзе у
кругі.

   Калі ўжо багі захапіліся танцам селяніна, то, мусіць, неабходна звярнуць увагу на народнае мастацтва, на таленавітасць простага чалавека. Гэту прагрэсіўную думку і выказвае аўтар паэмы.

Рэальны і казачны свет у паэме "Тарас на Парнасе"

   Паэма «Тарас на Парнасе» спалучае ў сабе два моманты: рэальны і казачны. Рэальным з’яўляецца паляванне і служба Тараса, адносіны да яго пана і войта, апісанне заняткаў простых людзей (як яны «хазяйства водзяць», як лапці падплятаюць, робяць рыбалоуныя сеці, як апранаюцца, што ядуць, як праводзяць вольны час). Казачным (умоўным) з’яўляецца сцэна пад гарой і на гары Парнас, дзе Тарас сустракаецца з вядомымі і невядомымі пісьменнікамі, літаратурнымі персанажамі, антычнымі багамі (дзеянне адбываецца ў сне). Такая кампазіцыя твора, дзе пераплятаецца рэальнае і казачнае, дазволіла аўтару смела выразіць свае адносіны да пісьменнікаў і літаратурнага працэсу, да жыцця багатых і бедных людзей. Сам жа твор нагадвае вясёлую казку: ёсць у ёй падземнае царства, незвычайныя прыгоды, здарэнні і шчаслівы канец. I гэтай казцы з слаўным палясоўшчыкам Тарасам суджана было доўгае жыццё і нязменны поспех у чытачоў.

Галоўная думка "Тараса на Парнасе"

   Паэма з’явілася вытокам натхнення для сучасных беларускіх пісьменнікаў. Зусім нядаўна была апублікавана паэма Ф. Ведзьмака-Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», у якой таксама ў форме дасціпнага жарта паказана жыццё нашых сённяшніх пісьменнікаў.