Школьная
Энциклопедия
Русские сочинения
Белорусские сочинения
Блог
Сачыненне на тэму

Аналіз пенталогіі (твора) Івана Шамякіна "Трывожнае шчасце"

Па твору пісьменніка Шамякін І. П.
24-08-2020

З якіх частак складаецца пенталогія Шамякіна "Трывожнае шчасце"?

   Сярод усіх твораў I. Шамякіна вылучаецца пенталогія «Трывожнае шчасце». Яна складаецца з пяці аповесцей: «Непаўторная вясна» (1957), «Начныя зарніцы» (1958), «Агонь і снег» (1959), «Пошукі сустрэчы» (1959), «Мост» (1965). Лёс герояў пенталогіі асацыіруецца з лёсам усяго пакалення, што прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны, змагаючыся на франтах і ў партызанскіх атрадах, і ў цяжкіх пасляваенных умовах удзельнічала ў аднаўленні народнай гаспадаркі.

Вобраз Пятра Шапятовіча і Траянава з аповесці "Непаўторная вясна"

   Галоўныя героі пенталогіі — Пятро Шапятовіч і Саша Траянава. У аповесці «Непаўторная вясна» паказаны перадваенныя гады. Пятро (студэнт тэхнікума) і Саша (толькі што скончыла медвучылішча) кахаюць адзін аднагО. Аўтар імкнецца раскрыць духоўны свет маладых людзей, глыбіню іх пачуццяў, грамадскія пазіцыі. У хуткім часе Саша становіцца жонкай Пятра, але перад пачаткам вайны Пятра забіраюць у армію, і героі расстаюцца на доўгі час.

Аналіз авповесці "Начныя зарніцы"

   Аповесць «Начныя зарніцы» — пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, падпольную і партызанскую барацьбу на Беларусі. Саша застаецца з дачкой Ленай на акупіраванай тэрыторыі і прымае актыўны ўдзел у змаганні з ворагам. Разам з братам Данікам, Цішкам Матылём, Колем Трапашом, Толем Кустарам яна выконвае самыя небяспечныя заданні. Характар Сашы асабліва ярка праявіўся ў эпізодзе, калі яна, выконваючы партызанскае даручэнне, павінна была выдаваць параненага камісара за свайго мужа. Партызанскім камісарам быў настаўнік Уладзімір Іванавіч Лялькевіч, які яшчэ да вайны рабіў Сашы прапанову выйсці за яго замуж.

Кароткі змест і аналіз твора Шамякіна "Агонь і снег"

   Суровы вопыт ваенных гадоў, калі I. Шамякін служыў на Поўначы ў зенітных войсках, лёг у аснову аповесці «Агонь і снег». Яна прысвечана франтавому жыццю Пятра Шапятовіча. У ёй праўдзіва паказаны шлях унутранага ўзмужнення галоўнага героя (першы бой батарэі з нямецкімі афіцэрамі, першы збіты самалёт, смерць Сені Пясоцкага, бяздушнасць, залішняя падазронасць Кідалы, цяжкае раненне). У чацвёртай аповесці Пятро пасля цяжкага ранення і выпіскі са шпіталя аказваецца ў родных мясцінах, дзе шырока разгарнулася партызанская барацьба. Адбываецца сустрэча Пеці і Сашы, але вайна настолькі пераблытала лёсы, ускладніла іх узаемаадносіны, што поўнага разумення героі не знайшлі.

Характарыстыка Пятра і Сашы ў аповесці "Мост"

   Аповесць «Мост» — пра новы этап у каханні Пятра і Сашы. Дзеянне адбываецца пасля вайны. Героі не ваююць, але і ў 1946 г. ім не лягчэй. Пеця працуе настаўнікам, Саша — загадчыцай фельчарскага пункта. Аўтар паказвае цяжкія пасляваенныя гады. Мацнее пачуццё глыбокай унутранай блізкасці герояў, якія аднолькава адчуваюць жыццё, аднолькава ацэньваюць падзеі. Мост, які злучае два процілеглыя берагі ракі, злучыў два людскія лёсы.

   У вобразах Сашы Траянавай і Пятра Шапятовіча I. Шамякін увасобіў тыповыя рысы характару таго пакалення моладзі, на долю якога выпалі цяжкія гады ліхалецця і аднаўленчага перыяду. Героі прайшлі ўсе выпрабаванні жыццём, засталіся вернымі сабе і суровай праўдзе жыцця.